Беларуская Служба

У Паўднёвай Карэі пачаліся слуханні па імпічменце прэзідэнта

27.12.2024 16:12
У Канстытуцыйным судзе Паўднёвай Карэі адбылося першае падрыхтоўчае слуханне па справе аб імпічменце прэзідэнта краіны Джун Сук Чоля ў сувязі з увядзеннем ім 3 снежня ваеннага становішча, якое было адменена праз некалькі гадзін.
Пасяджэнне Канстытуцыйнага суду Паўднёвай КарэіEPA/Song Kyung-Seok/POOL Dostawca: PAP/EPA

Адзін з суддзяў, якога цытуе Reuters, заявіў, што Канстытуцыйны суд лічыць гэты працэс прыярытэтнай справай і будзе дзейнічаць хутка. Наступнае пасяджэнне прызначылі на 3 студзеня.

Падчас судовага працэсу суд вырашыць, зацвердзіць імпічмент Джуна або аднавіць яго на пасадзе кіраўніка дзяржавы на працягу 180 дзён пасля прыняцця заканадаўцамі хадайніцтва аб імпічменце 14 снежня.

Часова пазбаўлены ўлады Джун не супрацоўнічае з судом, адмаўляецца прымаць дакументы, у тым ліку распараджэнне прадставіць пратакол пасяджэння кабінета міністраў, якое тычылася аб'яўлення ваеннага становішча, і тэкст самога ўказа.

У сераду ён другі раз не з'явіўся ў аддзел па барацьбе з карупцыяй. Інфармацыйнае агенцтва Yonhap паведаміла, што бюро плануе разгледзець магчымасць падачы ў суд пастановы аб затрыманні Джуна, калі ён працягне ігнараваць яго просьбы без указання важкіх прычын. Аднак адзін з названых чыноўнікаў прызнаў, што да выдання такога загаду яшчэ далёка.

Зараз пракуратура праводзіць праверку супраць Джуна і іншых чыноўнікаў. Джун абвінавачваецца ў злоўжыванні паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы для аб'яўлення ваеннага становішча ў неканстытуцыйных мэтах, а таксама ў загадзе вайсковым камандзірам накіраваць салдат у Нацыянальны сход і арыштаваць ключавых палітыкаў. Паводле звестак паліцыі, пасля абвяшчэння ваеннага становішча было мабілізавана 1,5 тысячы салдат.

Інфармацыйнае агенцтва Yonhap паведаміла, што ў пятніцу быў праведзены ператрус ва ўласнасці Джуна, каб атрымаць запісы з камер відэаназірання.

PAP/юл